МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ СВЯТО́ГА ДУ́ХА І БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ МАНАСТЫРЫ́,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску.
Засн. ў 1616 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды). Комплекс уключаў будынак царквы, жылыя карпусы мужчынскага і жан. манастыроў, гасп. пабудовы, быў абнесены мураванай сцяной; выкарыстоўваўся таксама ў абарончых мэтах. Царква Святога Духа (закладзена пасля 1636) — 1-нефавы бязвежавы храм, накрыты высокім 2-схільным дахам (тарцы закрыты аднолькавымі па вышыні і канфігурацыі шчытамі) з 5-граннай алтарнай апсідай.
Гал. фасад падзелены 4 пілястрамі карынфскага ордэра на 3 часткі. У цэнтр. ч. знаходзіўся партал, над ім — паўцыркульнае акно з ляпнымі ліштвамі, абапал яго плоскія нішы аналагічнай формы. Інтэр’еры царквы ўпрыгожаны 5 драўлянымі і мураванымі разнымі алтарамі з жывапіснымі кампазіцыямі. На хорах быў арган (майстар Л.Клімовіч, 1779). У 2-й пал. 18 ст. інтэр’еры рэканструяваны (майстры: муляр Р.Сніджнецкі, мазаічнік Я.Будрэвіч). З 1795 вядома як Петрапаўлаўскі сабор. Пасля пажару 1835 перабудавана ў псеўдарус. стылі (1846—50, арх. Г.Валерт). Новы іканастас зроблены І.Ягоравым, абразы — Ф.Бруні і Г.Зубковым. Рэканструяваны ў 1895—97 (арх. Я.Марозаў, В.Струеў). На ПдУ комплексу знаходзіўся Мінскі Святадухаўскі манастыр базыльянак, які злучаўся з царквой крытай галерэяй, у 1650 да паўн.-зах. фасады царквы прыбудавана капліца манастыра. З ПдУ да царквы прымыкаў 3-павярховы прамавугольны ў плане корпус мужчынскага манастыра. З 1795 у ім знаходзілася рэзідэнцыя правасл. архіепіскапа, у 1799 перабудаваны ў дваранскае вучылішча (арх. Ф.Крамер; дабудаваны 3-павярховы флігель з 2-светлавой тэатр. залай, існавала ў 1799—1817), якое ў 1803 ператворана ў мужчынскую гімназію. У 1852 корпус перабудаваны і прыстасаваны пад адм. будынак. Царква ўзарвана ў 1936.
У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова, В.Р.Кукуня.
т. 10, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)